ЛЕ́ПЕЛЬСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16 ст. на востраве Лепельскага возера, насупраць в. Стары Лепель (Лепельскі р-н). Пабудаваны ў час Лівонскай вайны 1558—83. Пасля ўзяцця Полацка Л.з. занялі і спалілі ў 1563 рус. войскі. На замчышчы яны залажылі астрог і размясцілі ў ім гарнізон. Войскі ВКЛ захапілі астрог і спалілі яго. Пасля аднаўлення ўмацавання ў 1563 побач з замкам заснаваны горад Лепель. У 1568 пачалося буд-ва новага драўлянага замка. Яго будавала мясц. насельніцтва пад кіраўніцтвам лепельскага старосты і полацкага кашталяна Ю.Зяновіча. Замак быў прамавугольны ў плане, фланкіраваны вуглавымі вежамі. З паўн. боку ад горада яго аддзяляў шырокі роў, які часткова запаўняўся вадой з возера. Каля Л.з. і пад яго аховай знаходзіўся гандл. порт.
М.А.Ткачоў.
т. 9, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)